МЕНЮ

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.

Время работы: понедельник - четверг 9.00-18.00, пятница 9.00-15.30

.

«Здоровые дети — здоровая нация!»

.

.

.
МЕНЮ

Здаровым быць – са спортам дружыць!

Устойлівыя станоўчыя адносіны да здаровага ладу жыцця – адзін з гарантаў рэалізацыі мар і дасягнення жыццёвых мэт. А фізкультура и спорт – гэта безадмоўныя лекі ў любым узросце ад мноства захворванняў. Застаецца толькі данесці гэтую старую ісціну падлеткам.


У якасці прыкладу прапаную канспект спартыўнага спаборніцтва «Здаровым быць – са спортам дружыць!».

Задачы: фарміраваць прадстаўленні аб здароўі як самай вялікай каштоўнасці ў жыцці чалавека; развіваць вытрымку, спрытнасць, сілу, мысленне, уменне каардынаваць свае рухі; прывіваць любоў да спорта; фарміраваць матывацыйную сферу гігіенічных паводзін, імкненне захоўваць і ўмацоўваць сваё здароўе.

Матэрыялы і абсталяванне: кеглі; 3 падносы; 3 ручніка; паветраныя шары (па колькасці ўдзельнікаў); 6–9 баскетбольных мячоў; табурэтка; яблыкі; незаточаныя алоўкі; штаны вялікага памеру; 3 скакалкі; 3 абручы; 3 вялікія мяшкі; кубікі; 3 вядра; відэафільм «Мы выбіраем спорт»; мультымедыйная ўстаноўка.



Ход мерапрыемства
У залу пад спартыўны марш уваходзяць каманды і строяцца адна насупраць другой. Гучыць песня «Закаляйся!» (сл. В. Лебедзева-Кумача).

1-ы вядучы. Добры дзень! Наша страна многа робіць, каб маладое пакаленне расло здаровым і фізічна моцным. Менавіта ў дзіцячыя гады закладваюцца асновы здароўя і фарміруюцца станоўчыя адносіны да яго. Вельмі добра, што сёння сярод моладзі пераважае думка аб неабходнасці здаровага ладу жыцця і фізкультуры.
2-і вядучы. Кожны ў спорце знаходзіць нешта сваё. Для адных гэта яркае відовішча, для другіх – сродак зносін, фізічнага ўдасканальвання і ўмацавання здароўя, а для трэціх – прафесія.
1-ы вядучы. Я лічу, што не так важна, займаемся мы спортам для душы або накіраваны на дасягненне высокіх вынікаў. У любым выпадку здароўе – найбольшая каштоўнасць чалавека, радасць жыцця, працаздольнасць, поспехі.
2-і вядучы. Вы маладыя, але захоўваць здароўе трэба ўжо сёння. Напрыклад, праз заняткі фізкультурай і спортам.
1-ы вядучы. Мы сабраліся тут, каб паспаборнічаць ў сіле і спрытнасці, хуткасці і вынослівасці. Але не мае значэння, хто стане пераможцай у гэтым крыху жартоўным спаборніцтве. Галоўнае, каб усе мы адчулі атмасферу свята, узаемнай павагі і ўзаемаразумення. Няхай гэта сустрэча будзе па-сапраўднаму сяброўскай.
2-і вядучы. Сёння сапернічаць паміж сабой будуць тры каманды (называе кожную). Сябры, вам слова! (Каманды агучваюць свае дэвізы.)
1-ы вядучы. Жадаю вам сумленнай спартыўнай барацьбы і поспехаў!

Прадстаўленне журы.

2-і вядучы. А цяпер трэба даць клятву. Клянёцеся ўдзельнічаць у гэтых спаборніцтвах, прытрымліваючыся правіл і паважаючы сапернікаў?
Дзеці. Клянёмся!
1-ы вядучы. Клянёцеся бегчы толькі ў паказаным суддзёй накірунку?
Дзеці. Клянёмся!
2-і вядучы. Клянёцеся выконваць алімпійскі дэвіз «Хутчэй, вышэй, мацней!», што значыць: хутчэй ветру не бегчы, вышэй даху не скакаць, мацней саперніка суддзю не біць?..
Дзеці. Клянёмся!
1-ы вядучы. Клянёцеся выкарыстоўваць спартыўны інвентар строга па назначэнні – гірамі больш 16 кг у сапернікаў не кідацца?..
Дзеці. Клянёмся!
2-і вядучы. Клянёцеся грамчэй балельшчыкаў не крычаць, красоўкамі ў іх не кідаць?..
Дзеці. Клянёмся!
1-ы вядучы. Клянёцеся спаборнічаць у сапраўды спартыўным духу на славу спорту і ў імя гонару сваёй каманды?..
Дзеці. Клянёмся!
2-і вядучы. Такім чынам, усё гатова! Пачынаем…

Практыкаванні жывёл
Жырафа. Галава ўверх-уніз, кругавыя рухі ўправа-улева.
Васьміног. Кругавыя рухі плячыма ўперад-назад. Плечы падняць, апусціць (разам, потым па чарзе).
Птушка. Рукі падняць, апусціць – як крылы. Кругавыя рухі ўперад-назад.
Малпа. Нахіл уперад, кругавыя рухі тулавам управа-улева.
Конь. Пад’ём ног (па чарзе), згінаючы ў каленях.
Бусел. Падняцца на дыбачкі, апусціцца, кругавыя рухі правай нагой, затым левай (па падлозе).
Кошка. Пацягванне ўсім тулавам. Падняць выцягнутую правую руку, а потым левую.

Афіцыянты
Удзельнікі эстафеты павінны пранесці паветраны шар на падносе на сагнутай руцэ да арыенціра (кеглі) і назад, потым перадаць эстафету далей.

Кракадзільчыкі
Удзельнікі каманды становяцца адзін за адным. Паміж імі зажаты паветраныя шары, якія можна трымаць толькі спіной і грудзямі (дапамагаць рукамі нельга). Такім чынам трэба дайсці да арыенціра і вярнуцца.

1-ы вядучы. Дзеці, да нас прыйшло пісьмо. Цікава, хто яго напісаў?
2-і вядучы. Трэба яго прачытаць.
1-ы вядучы. Чытай жа хутчэй!
2-і вядучы.
Ты ніколі не мый рукі,
Шыю, вушы, твар таксама,
Бо бязглузды той занятак
Не прыводзіць да дабра.
Зноў запэцкаюцца рукі,
Шыя, вушы, твар таксама.
Дык навошта ж траціць сілы
І дарэмна час губляць?
Не стрыжыся ты наогул!
Не патрэбна! Дый навошта?
І на старасці сама
Аблысее галава.

1-ы вядучы. Як вы думаеце, хто напісаў такое пісьмо? (Адказы дзяцей.) Сапраўды, калі не будзеш мыцца, чысціць зубы, чыста і акуратна апранацца, то можаш захварэць. Паслухайце казку пра мікробаў і паўтарайце за мной некаторыя рухі.

Жылі-былі мікробы – разносчыкі розных хвароб. Больш за ўсё на свеце яны любілі бруд. Чым больш яго было, тым болей ім было прыемна. Мікробы з велізарнай лёгкасцю лёталі ў паветры. (Папляскаць у далоні.) Яны пранікалі ў скуру праз драпіны на каленях. (Паказаць на калені.) Яны не спыняліся, каб спытаць: «Можна ўвайсці?» (Падняць руку.) Яны, як душ, ліліся на людзей, калі чалавек не прыкрываўся пры чыханні. (Рухі рукамі, быццам ідзе дождж.) Мікробы бываюць добрыя і дрэнныя, маленькія і вялікія. (Паказаць рукамі, разводзячы і зводзячы іх.) Але мы ведаем, дзе яны хаваюцца! (Накрыць галаву рукамі.) Мы (паказаць на сябе) ведаем, што рабіць, каб пазбавіцца ад іх. Пры дапамозе мыла і мыльных бурбалак мы праганяем іх! Калі сябруеш з вадой і мылам, дарма мікробы трацяць сілы!

Бег з мячамі
На лініі старта першы ўдзельнік эстафеты бярэ адразу 2–3 баскетбольных мяча (у залежнасці ад узросту) і па сігналу вядучага бяжыць з імі да арыенціра. Пакідае іх там, бяжыць назад і перадае эстафету наступнаму ўдзельніку. Той павінен прынесці мячы назад.

Накармі капітана
На табурэтцы, у 5 м ад лініі старта каманды, сядзіць капітан, вочы ў яго завязаныя. Кожны з удзельнікаў эстафеты (таксама з завязанымі вачыма) дабягае да капітана і корміць яго яблыкам (па аднаму ўкусу за раз), вяртаецца і перадае эстафету наступнаму гульцу.

Бег у штанах
Удзельнічаюць адначасова па два чалавекі ад кожнай каманды. Адзін засоўвае нагу ў адну калашыну, другі – у другую. Такім чынам яны дабягаюць да арыенціра, вяртаюцца і перадаюць эстафету наступнай пары.

1-ы вядучы. А зараз я прапаную пагуляць балельшчыкам.

Пацяг
У гульні ўдзельнічаюць 8–20 чалавек. Яны дзеляцца на дзве роўныя каманды, якія строяцца ў шарэнгі па адной лініі (наперадзе – мацнейшыя, ззаду – слабейшыя). Счэпліваюцца сагнутымі ў лакцях рукамі.
Паміж камандамі на зямлю кладзецца невялікі прадмет – «мета». Першыя гульцы каманд, стоячы над ёй, такім жа чынам счэпліваюцца паміж сабой, а каманды пачынаюць павольна цягнуць кожнага ў свой бок.
Перамагае тая каманда, якая здолела разарваць ланцуг праціўніка або перацягнуць яго цераз «мету».

Бег з мячом
Удзельнічаюць адначасова па два гульца ад каманды. Яны становяцца тварам адзін да аднаго, кладуць рукі на плечы. На іх рукі кладзецца баскетбольны мяч. Трэба дабрацца да арыенціра і вярнуцца (не згубіць мяч), затым перадаць эстафету наступнай пары.

Бег з перашкодамі
Трэба дапрыгаць з дапамогай скакалкі да абруча, пралезці ў яго і зноў прыгаць – да арыенціра, а адтуль бягом на старт, дзе перадаць эстафету далей.

Знайдзі пару
З усіх гульцоў трэба сабраць па аднаму чаравіку і скласці іх у вялікі мяшок (у кожнай каманды – свой). Удзельнікі па чарзе бягуць да мяшка, шукаюць свой чаравік, абуваюцца, вяртаюцца да каманды і перадаюць эстафету далей. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль усе ўдзельнікі не абуюцца.

1-ы вядучы. Вось і скончылася наша апошняя эстафета. Каманды на пастраенне!

Слова журы, абвяшчэнне вынікаў, узнагароджванне пераможцаў.

2-і вядучы. Сёння мы ўсе атрымалі зарад бадзёрасці, радасці і, бяспрэчна, умацавалі наша здароўе! Віншуем пераможцаў і просім не сумаваць пераможаных. Галоўнае – удзел і тое, што мы былі разам.

1-ы вядучы. Наша формула здароўя – гэта фізкультура і спорт. Менавіта яны закаляюць дух і цела, падымаюць настрой і дапамагаюць зняць стрэс. Таму мы выбіраем спорт і фізкультуру!

Прагляд відэафільма «Мы выбіраем спорт».

1-ы вядучы. Якія эстафеты і гульні вам спадабаліся? (Адказы дзяцей.)
2-і вядучы. Прытрымліваючыся здаровага ладу жыцця, вы будзеце расці здаровымі і шчаслівымі. Менавіта фізкультура і спорт надаюць нам сілу духа, бадзёрасць і вынослівасць.
1-ы вядучы. «Я яшчэ ў пялёнках, а лянота мая з цялёнка». Кожны хоча ў жыцці замацаваць сваё «я», асабліва гэта датычыцца моладзі. Але мы ідзем да гэтага рознымі шляхамі.
2-і вядучы. Адны выбіраюць пасіўны лад жыцця (шкодныя звычкі, ляноту), другія прытрымліваюцца прынцыпу: «Я магу! Я павінен! Я абавязаны!». Перамога над самім сабой – гэта самая важная перамога ў жыцці. А дапамогуць выпрацаваць неабходныя для гэтага якасці спорт і фізкультура! Поспехаў вам і да новых сустрэч!

ІРЫНА ЦІХАНАВА, настаўніца пачатковых класаў Віцебскай сярэдняй школы № 47 імя Я. Ф. Іваноўскага

Научно-методический журнал «Здоровый образ жизни»

220070, г.Минск,
ул. Кальварийская, 25, офис 603

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.

(8017) 270 16 86

Журнал в социальных сетях