Выезд у лес успрымаецца дзецьмі як займальная прыгода. І сапраўды, лес дорыць маленькаму даследчыку гэтулькі дзіўных адкрыццяў, выдатных эмоцый! Аднак каб вясёлы шпацыр не стаўся трагедыяй, важна памятаць аб правілах бяспечных паводзінаў. Прапануем сцэнарый мерапрыемства, на якім навучэнцы змогуць праверыць свае веды аб лесе і замацаваць «лясныя правілы».
Мэты і задачы: замацаваць і пашырыць веды пра экалагічныя паводзіны і правілы бяспекі ў лесе, пра раслінны і жывёльны свет лесу; выхоўваць любоў да роднай прыроды, жаданне берагчы яе.
Ход мерапрыемства
Арганізацыйны этап
Вядучы. Як сумна было б падарожнічаць па нашай краіне, каб не было прыгожых лясоў! Але ж яны не толькі прыгожыя, але і вельмі карысныя. Лес заўсёды даваў людзям цяпло, харчаванне, лекі, драўніну для будоўлі хат і мэблі… Таму лес – гэта наша сапраўднае багацце, якое нам трэба любіць, берагчы і захоўваць.
Сёння мы правядзём гульню, якая дапаможа высветліць, што вы ведаеце пра лес, як трэба паводзіць сябе ў лесе, каб ён сустракаў нас як добрых сяброў і дзяліўся сваімі багаццямі. За правільныя адказы вы будзеце атрымліваць жалуды (шышкі, арэшкі). Хто назбірае іх больш, той і пераможа.
Гульнёвая праграма
Тур 1. Лясныя правілы
Вядучы. Адкажыце на пытанні і патлумачце свае адказы – і ў нас атрымаюцца сапраўдныя лясныя правілы.
- Ці можна дзецям гуляць у лесе адным, без бацькоў?
Нельга ні ў якім разе, бо гэта небяспечна: дзяцей могуць напужаць лясныя звяры, укусіць змяя або які-небудзь грызун, дзеці могуць заблудзіцца або атрымаць траўму, спатыкнуўшыся ці ўпаўшы ў яму, таксама можа сустрэцца небяспечны чалавек.
- Ці можна ў лесе моцна крычаць?
Нельга, бо гэта можа напалохаць лясных жывёл.
- Ці можна ў лесе распальваць вогнішчы?
Нельга ні ў якім разе, таму што ад агню лес можа загарэцца.
- Што трэба рабіць, калі ў лесе вы ўбачыце, што пачынаецца пажар, загарэлася трава?
Трэба пазваніць у службу 101, адказаць на іх пытанні і паспрабаваць выканаць іх парады, напрыклад засыпаць пяском месца ўзгарання; пры моцным пажары трэба як мага хутчэй пакінуць небяспечнае месца, рухаючыся ў напрамку супраць ветру.
- Ці можна ламаць галінкі дрэў і кустоў?
Нельга, бо гэта корм для многіх лясных жывёл і дом для лясных птушак.
- Ці можна, прыўшоўшы ў лес, свідраваць бярозы і збіраць іх сок?
Нельга, бо сок для бярозы як кроў для чалавека; бярозавы сок могуць збіраць толькі спецыяльна навучаныя людзі ад бяроз, якім ужо больш за дзесяць год.
- Ці можна кратаць і каштаваць незнаёмыя расліны, ягады?
Нельга, таму што яны могуць быць ядавітыя.
- Ці можна таптаць і збіваць незнаёмыя ці ядавітыя грыбы?
Нельга, бо некаторыя ядавітыя грыбы з’яўляюцца лекамі для лясных звяроў, да таго з раструшчаных грыбоў вырастуць новыя, значыць, іх стане яшчэ больш.
- Ці можна ў лесе кідаць смецце?
Нельга, таму што гэта некультурна і гуляць у засмечаным лесе непрыемна, а таксама смецце: паперкі, недакуркі – могуць прывесці да ляснога пажару.
- Ці можна ў лесе выкідваць непатрэбныя пакеты і бутэлькі?
Нельга, таму што туды могуць залезці маленькія лясныя жывёлы і загінуць там.
- Што рабіць, калі заўважыў гадзюку?
Не палохаць яе: не крычаць, не рабіць рэзкіх рухаў, не біць яе палкай (нават доўгай), асцярожна ісці ў процілеглы яе руху бок.
- Ці можна, сустрэўшы вожыка, браць яго на рукі?
Не, гэта небяспечна: на іголках селяцца паразіты, да таго ж ён можа хварэць на шаленства.
Тур 2. Лясныя лекі
Вядучы. Я пакажу вам малюнак лясной расліны і ад яе імя апішу лекавыя ўласцівасці, якія яна аказвае, а вы павінны пазнаць і назваць гэтую расліну.
- Я – куст з гронкамі чырвоных ягадамі, у якіх шмат вітаміну С, таму адвар з маіх ягад карысны пры прастудных захворваннях. (Каліна)
- Мае бліскучыя лісточкі лечаць хваробы нырак, а маленькія чырвоныя ягадкі паляпшаюць імунітэт. (Брусніцы)
- Настой з маіх карэньчыкаў супакойвае нервовую сістэму. (Валяр’ян)
- Мае ружовыя кветкі сабраны ў мяцёлкі і маюць прыемны пах. Завараная з майго лісця гарбата пазбаўляе ад галаўнога болю. (Скрыпень – рус. кипрей, иван-чай)
- Мае ягадкі, лісточкі і карэньчыкі паляпшаюць апетыт і лечаць хваробы страўніка. (Суніцы)
- Мае лісткі – лепшы сродак пры крывацёку. (Трыпутнік)
- А мае і ягады, і лісточкі, і галінкі пазбаўляюць ад прастудных захворванняў, збіваюць тэмпературу. (Маліны)
- Мае ягадкі паляпшаюць зрок. (Чарніцы)
Тур 3. Вітамінная скарбонка
Вядучы. Лясныя ягады настолькі карысныя, што прапаную пагаварыць пра іх яшчэ. Пазнайце ягады па апісанні.
- Ягады падобныя да малін, толькі чорнага колеру і трохі большыя. Прайсці праз зарасці гэтых ягад цяжка, бо іх галінкі маюць вострыя калючкі. Свежыя ягады добра спаталяюць смагу. (Ажыны)
- Гэтыя ягадкі, «рассыпаныя» ўздоўж лясных сцежак, так прыемна пахнуць, што хочацца адразу іх усе з’есці. І правільна, бо яны такія смачныя, што нібы самі растаюць у роце. Самыя карысныя ягады – свежыя. (Суніцы)
- Ягаднік гэтай расліны мае слабенькае карэнне, аднак жыве аж дзвесце гадоў. Паляна такога ягадніку падобная на зялёны кужэльны дыван. На гронках адначасова бываюць і зялёныя, і спелыя ягадкі. (Брусніцы)
- Самыя каштоўныя ад прастуды ягадкі растуць не ў лесе, а на балоце. Збіраць іх трэба пасля першых маразоў. Тады трава асядзе, а ягады застануцца зверху, нібы рассыпаныя па балотных купінах. (Журавіны)
- Гэтыя ягады таксама балотныя. Яны растуць блізка каля травы, якую называюць багун і пах якой выклікае моцны галаўны боль, быццам дурыць яе. З-за гэтага і ягады атрымалі сваю назву, хаця і памылковую. Другая іх назва звязана з тым, што яны падобныя на чарніцы, толькі большыя, буйнейшыя. (Дурніцы, буякі)
- Перад гэтымі ягадкамі чалавеку «кланяцца» не трэба, бо кусты, на якіх яны растуць, дасягаюць чалавечага росту. Надта ж любяць частавацца гэтымі ягадкамі мядзведзі. (Маліны)
- У другой палове лета ў нашых беларускіх лясах проста чорна ад гэтых ягад. На кусціках іх так многа, што на адным месцы можна назбіраць цэлы кошык. (Чарніцы)
Тур 4. Добры грыб лепшы за мяса
Вядучы. А гэтыя лясныя насельнікі маюць шмат прыхільнікаў, якія любяць іх і смажанымі, і варанымі, і сушанымі, і салёнымі. Навукоўцы лічаць іх больш спажыўнымі, чым мяса. Загадаліся, што гэта? Правільна, грыбы. Я назбірала для вас цэлы кошык. (Дэманструе кошык з малюнкамі грыбоў.) Пазнайце грыбы ў маім кошыку.
Вучні па чарзе выцягваюць з кошыка малюнак, зачытваюць апісанне з адваротнага боку. Пачуўшы правільны адказ, паказваюць малюнак усяму класу.
- Мы першымі адкрываем грыбны сезон. Нас шукайце ў лесе, як толькі сыдзе снег. (Смаржкі і страчкі)
- Пакласці нас у свой кошык марыць кожны грыбнік. Шукаюць нас пад хвоямі ў бары, за што мы і атрымалі сваю назву. На зіму нас сушаць, каб потым варыць смачны і пахучы суп. (Баравікі)
- Мы расцём густымі сямейкамі – на адным месцы можна шмат назбіраць. Мы вельмі смачныя, і не чарвівыя, і надта карысныя для здароўя людзей. Нашы шапачкі ярка жаўцеюць у зялёнай траве. (Лісічкі)
- Знайшоўшы нас, кожны грыбнік абавязкова пакладзе нас на самы верх свайго кошыка, каб пахваліцца. Зразумела, нашы ярка-чырвоныя капялюшыкі ўпрыгожаць любы грыбны «ўраджай». Дасведчаныя грыбнікі ведаюць, дзе нас шукаць, – у асінніку. (Падасінавікі)
- Мы проста прымусім грыбнікоў вяртацца дадому з поўнымі кашамі. Калі вам захочацца адпачыць на пяньку, спачатку зірніце на яго ўважліва, каб не сесці прама на нас, бо мы таксама любім адпачываць на пяньках. (Апенькі)
- Наша пара – пачатак лета. Каб адшукаць нас, выпраўляйцеся ў бярэзнікі – менавіта там мы гуляем у хованкі. (Падбярозавікі, бабкі)
Тур 5. Грыбныя хованкі
Вядучы. Пагуляем і мы ў хованкі з грыбамі. Пастаўце на месцы рассыпаныя літары і расшыфруйце назвы грыбоў. Адшукайце сярод іх атрутныя грыбы.
- КАХІВАМ (Махавік)
- МОРУХАМ (Мухамор)
- ДЗУГРЫ (Грузды)
- КІРАСЕЖЫ (Сыраежкі)
- КІСЛЯМА (Маслякі)
- ГАНПАКІ (Паганкі)
Тур 6. Конкурс на лепшае чытанне вершаў пра лес
Вучням можна загадзя раздаць вершы, каб яны вывучылі іх на памяць, ці прапанаваць выразна прачытаць пасля невялікай падрыхтоўкі.
Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія
Падводзяцца вынікі гульні. Самыя актыўныя ўдзельнікі, якія назбіралі найбольш жалудоў (шышак, арэшкаў) атрымліваюць вітамінныя прызы.
Вядучы. Спадзяюся, сёння вы яшчэ раз пераканаліся, якая цудоўная і непаўторная прырода нашых лясоў. Памятайце, што гэта сапраўднае багацце і трэба берагчы і ахоўваць яго. Паспрабуйце ўважліва назіраць за прыродаю падчас прагулак у лес, і вам адкрыецца яшчэ больш таямніц!
ТЭРЭЗА КАВАЛЬЧУК, загадчыца бібліятэкі гімназіі № 2 г. Ваўкавыска