МЕНЮ

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.

Время работы: понедельник - четверг 9.00-18.00, пятница 9.00-15.30

.

«Здоровые дети — здоровая нация!»

.

.

.
МЕНЮ

Сустракаем свята дажынкі. Фізкультурны вольны час для дзяцей 5–6 гадоў

Культура беларусаў цесна звязана з зямлёй, земляробствам. Святкаванне завяршэння жніва мае ў нашай краіне глыбокія карані і старажытныя традыцыі. А ў незалежнай Беларусі Дажынкі сталі святам ушаноўвання чалавека-працаўніка. Прапануем сцэнарый спартыўнага свята, якое далучае дзяцей да нацыянальнай культурнай спадчыны.

Задачы:

  • фарміраваць уяўленні дзяцей пра народнае свята Дажынкі;
  • развіваць фізічныя якасці (хуткасць – хутка перадаваць мяч, спрытнасць – бегаць паміж прадметамі, сілу – падскокваць з прасоўваннем наперад рознымі спосабамі), спаборнічаць у рухавых гульнях;
  • далучаць дзяцей да багацця беларускай мовы;
  • выхоўваць пачуццё любові да роднага краю, павагу да народных традыцый, хлеба, працы хлебароба, працавітасць.

Матэрыял і абсталяванне: каласкі з каляровага кардону – 40 шт., бубен, 2 мячы, 3–4 гімнастычныя палкі; каляровыя стужкі, беларускі касцюм для гаспадыні, стол, муляж каравая; мультымедыйная ўстаноўка (прэзентацыя слайдаў з выявамі жыта, снапоў, млына), аўдыязапіс беларускай народнай музыкі.

Папярэдняя работа: гутарка з выхаванцамі старэйшай групы пра свята Дажынкі.

Месца правядзення: фізкультурная зала.

Афармленне: зала ўпрыгожваецца букетамі з розных каласкоў (аўса, пшаніцы, ільну і інш.), на стале – хлеб-соль на ручніку.

ХОД МЕРАПРЫЕМСТВА

Гучыць беларуская народная мелодыя. Дзеці ўваходзяць у залу.

Выхавальнік. Мы – беларусы, мы любім сваю краіну і паважаем традыцыі нашых продкаў. Сёння мы сабраліся, каб сустрэць народнае свята Дажынкі.

Хлопчык.

Хутчэй збірайцеся,

На свята спяшайцеся –

Наша жыта дажынаць,

У снапочкі вязаць!

Дзяўчынка.

Вось і жыта ўсё пажалі.

Каласкі ўсе пазбіралі.

І прыйшло да нас

Свята светлае,

Свята добрае –

Дажыначкі.

Гучыць беларуская народная мелодыя. Уваходзіць гаспадыня (кіраўнік фізічнага выхавання).

Гаспадыня. Добры дзень, госцікі дарагія! Сардэчна запрашаю вас на свята Дажынкі.

Будзем свята сустракаць,

весяліцца і гуляць!

Гучней, музыка, іграй,

усіх на танец запрашай!

Пад беларускую народную музыку дзеці выконваюць комплекс рытмічнай гімнастыкі.

Гаспадыня. Вельмі прыгожы танец! Адразу весялей стала. А ці ведаеце вы, што гэта за свята такое – Дажынкі? (Адказы дзяцей.) Так, малайцы! Дажынкі адзначалі напрыканцы галоўнага земляробчага часу – жніва, калі людзі збіралі з поля ўраджай збожжа. Раней жнеі жалі жыта сярпамі (на слайдзе дзеці разглядаюць калоссе і земляробаў). Гэта была нялёгкая справа. А зараз я папрашу вас дапамагчы жнейкам сабраць усе каласкі з поля.

Зжата спелае калоссе,

Толькі трошкі засталося.

Вы гатовы? Раз, два, тры –

Каласкі хутчэй збяры!

Рухомая гульня «Збяры каласкі»

Па падлозе раскладаюцца кардонныя каласкі. Пад беларускую народную мелодыю дзеці рухаюцца па імправізаваным «полі». Па сігнале (сціхае музыка) кожны стараецца сабраць як мага больш каласкоў. Потым усе ўдзельнікі падлічваюць каласкі і выяўляюць пераможцу. Гульня паўтараецца 2–3 разы.

Гаспадыня. Малайцы, ніводнага каласка на полі не засталося. У цяперашні час гэта справа камбайнаў, а даўней з каласкоў ставілі снапы. (На слайде дзеці разглядаюць сялян, якія вяжуць снапы.) Давайце і мы паспаборнічаем у гэтай працы.

Гульня-спаборніцтва «Чый сноп хутчэй збярэцца?»

Дзеці пад беларускую народную музыку выконваюць падскокі з нагі на нагу. Пасля спынення музыкі дзеці збіраюцца ў гурткі і ствараюць снапы, падымаючы рукі ўверх – «каласкі ўгару». Перамагае каманда, якая хутчэй збярэцца разам. Гульня паўтараецца 3 разы: першы раз па камандзе дарослага дзеці збіраюцца ў гурткі тройкамі, другі раз – чацвёркамі, трэці – пяцёркамі.

Гаспадыня. Каб стог не развязаўся, яго абвязвалі. Завяжыце і вы каляровай стужкай свае снапы ды пакланіцеся нізка-нізка.

Удзельнікі каманд паварочваюцца спінамі адзін да аднаго, першы гулец аббягае свой «сноп», абвязваючы яго стужкай. Затым кожная каманда выконвае паклон і ўсе разам кажуць:

Маці-зямліцы падзякаваць трэба

За тое, што ўсіх надзяліла нас хлебам.

Ёй паклонімся нізка-нізка,

Бо яна ўраджаю калыска.

Гаспадыня. Папрацавалі ўдала, ураджай сабралі багаты, запрашаю ўсіх дахаты, будзем зерне ад каласкоў аддзяляць.

Гульня «Каласкі і зярняткі»

На сігнал «Зярняткі» дзеці бягуць па зале ўрассыпную, на сігнал «Каласкі» збіраюцца па 3–4 пары каля гімнастычных палак (ствараюць «каласкі»). Гульня паўтараецца 3–4 разы.

Гаспадыня. Зерне звязём на млын, змелем муку і спячом вялікі каравай, каб усім хапіла, бо ад хлеба ў людзей сіла! (На слайдзе – млын.)

Гульня «Млын»

Дзеці ўтвараюць кола і пачынаюць перадаваць мячы з рук у рукі. Пачуўшы слова «ўправа» або «ўлева», змяняюць напрамак руху.

Млын управа (улева) круціся,

Зерне хутка мяліся!

А з бялюткае мукі

Выпякаем піражкі!

Раз, два, тры – мялі!

Гаспадыня. Муку змалолі, каравай спяклі. Вось які румяны! (Паказвае муляж каравая.) Але я за так каравай не дам, толькі за прымаўкі і прыказкі пра хлеб.

Гульня «Вясёлы бубен»

Дзеці становяцца ў кола, перадаюць па крузе бубен і гавораць:

Ты кацісь, вясёлы бубен,

У полі ўсё дажалі.

Прыказкай віншуем вас

З новым ураджаем!

У каго пасля гэтых слоў бубен застаецца ў руках, той расказвае прымаўку або прыказку пра хлеб, працу, дажынкі.

Гаспадыня. Малайцы, як многа прыказак пра хлеб вы ведаеце! Ёсць у мяне для вас вельмі смачная гульня, называецца яна «Каравай». Вось пагуляеце ў яе, потым і каравай атрымаеце.

Гульня-карагод «Каравай»

Дзеці ідуць па крузе і выконваюць рухі са словамі:

Як на свята на Дажынкі

Згатавалі каравай

Вось такой вышыні,

Вось такой ніжыні,

Вось такой вужыні,

Вот такой шырыні.

Каравай, каравай,

Каго хочаш выбірай!

Палюбіліся вы мне,

Ўсе ідзіце да мяне!

Гаспадыня. Вы сёння ўсе вельмі стараліся, у гульні ігралі і добры ўраджай сабралі. Гэты каравай вы заслужылі! Хай ён у вашай групе застанецца і пра свята Дажынак нагадвае. А ці спадабалася вам свята? Якая гульня вам спадабалася больш за іншыя? (Адказы дзяцей.) Добра, што ёсць такое свята, дзе можна выказаць падзяку ўсім працавітым людзям за спелае зерне, за бялюткую муку, за смачны хлеб.

Гучыць беларуская народная мелодыя. Дзеці развітваюцца з гаспадыняй і выходзяць з залы.

ЮЛІЯ СКАЧЫНСКАЯ, кіраўнік фізічнага выхавання першай кваліфікацыйнай катэгорыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 г. Магілёва

Научно-методический журнал «Здоровый образ жизни»

220070, г.Минск,
ул. Кальварийская, 25, офис 603

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.

(8017) 270 16 86

Журнал в социальных сетях